Na Rynku #001

пра пераплецінасьць лёсаў і шчыльнасьць сьвету.

Рысую партрэты на Рынку ва Ўроцлаве. Розныя людзі падыходзяць, розныя семьі, розныя абліччы. Часам атрымліваецца за непоўныя 15 хвілін даведацца тое-сёе пра іх лёсы.

Пажылы дзядзька, выразны нордык, хоча партрэт унука. Хлопчык выглядае як выняты з бразільскіх серыялаў – лацінаамерыканец з выразнымі індзейскімі рысамі. Дзядуля зьвяртаецца да мяне па-польску, а між сабой яны размаўляюць дакладна не па-гішпанску ці партугальску. Зацікаўлены, я пытаюся адкуль яны. Дзед кажа – з Ісландыі. Ён паляк, іміграваў на тую выспу, а сямья ягонага сына адаптавала гэтага хлопчыка з Гандураса…

Падыходзіць класічны ўсходні кагал – мужчына-айцец-лідар і шмат жанчынаў і дзяцей за ім. Жанчыны ўсходня-каўказкага выгляду, хусткі праўда завязаныя неахайна. Дзеці нібы верабьі заўсёды ў руху. А мужчына – нордзік. Размаўляюць паміж сабой папераменна на нейкай усходняй мове і па-шведзку. Мужчына па-ангельску замаўляе мне партрэты толькі двух сыноў, старэйшых. Кажа, што ён мае польскія карані, таму вырашыў прыехаць сюды з жонкай іранкай і іншымі родзічамі, паглядзець “гістарычную радзіму”…

#natatki_emigranta#maluju_natuju#Rynek_WRO#abliccy_losy

 

Здымак Paabapal Buha
Здымак Paabapal Buha